Купалаўская вечарына

У бібліятэцы сямейнага чытання, што на мікрараёне Палес’е, адбылася тэматычная сустрэча, прысвечаная 135-ці годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.

Фото: «СН»

Ужо некалькі гадоў у бібліятэцы існуе клуб сямейнага чытання «Веста». Адзін раз у квартал яго члены праводзяць сустрэчы, прысвечаныя творчасці розных пісьменнікаў.

— Галоўнай задачай клуба з’яўляецца адраджэнне любові да чытання. Да нас прыходзяць маладыя сем’і, сем’і з дзецьмі альбо моладзь. На сустрэчах яны абмяркоўваюць прачытанае, п’юць гарбату. Дзеці рыхтуюць розныя сцэнкі і выступленні, — падзялілася з намі бібліятэкар Ніна Самойленка.

Фото: «СН»

У шэсць гадзін у бібліятэку пачалі прыходзіць госці. Зала была перапоўнена жадаючымі правесці пятнічны вечар у атмасферы цяпла і ўтульнасці. Усё пачалося са знаёмства з творчасцю Янкі Купалы. Дзеці чыталі вершы, гралі на музычных інструментах, спявалі. Гледачам больш за ўсё спадабалася сцэнка з п’есы «Паўлінка», якая была падрыхтавана старшакласнікамі. А бацькі сталі ўдзельнікамі віктарыны «Творчасць Янкі Купалы». Пасля выступленняў усе жадаючыя засталіся папіць гарбату з печывам.

Фото: «СН»